НАГЛЯ́Д СУДО́ВЫ,
працэсуальная дзейнасць судоў па праверцы законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў судоў, па дачы суд. органам кіруючых тлумачэнняў выкарыстання заканадаўства пры разглядзе крымін. і цывільных спраў, а таксама вырашэнне спрэчак паміж судамі. У вузкім сэнсе Н.с. — разгляд спраў па пратэстах, што ўносяцца ў парадку нагляду ўпаўнаважанымі службовымі асобамі на рашэнні (прыгаворы) судоў, якія набылі законную сілу, і вызначэнні касацыйнай інстанцыі. Н.с. з’яўляецца адной з гарантый выпраўлення суд. памылак. забеспячэння правільнага і аднастайнага выкарыстання законаў, спрыяючы тым самым найб. поўнаму дасягненню мэт правасуддзя. Ажыццяўляецца шляхам разгляду спраў: па касацыйных скаргах і пратэстах на рашэнні (прыгаворы), якія не набылі законнай сілы (гл. Касацыя); па пратэстах, што ўнесены ў парадку нагляду на рашэнні (прыгаворы), якія набылі законную сілу, па заключэннях пракурораў у сувязі з аднаўленнем спраў па новаадкрытых акалічнасцях.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)